Язык

  

 

 

 

Ведай роднае слова

вкл. .

ПАЗАКЛАСНАЕ МЕРАПРЫЕМСТВА

Па беларускай мове і літаратуры

“Ведай роднае слова”

 

Навошта дзецям трэба ведаць беларускую мову? З самага нараджэння дзіця чуе голас маці, якая аберагае яго ад усяго дрэннага ў свеце. Наша родная старонка, як наша маці – хоча каб мы заставаліся вольнымі ўладальнікамі свайго жыцця. Гэта магчыма, калі мы будзем шанаваць нашыя карані, тое, што трымае нас, робіць нас НАЦЫЯЙ. Мова, традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці – наш скарб, якім мы павінны ганарыцца і ніколі не адракацца. Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, спяваць народныя песні, ведаць, як з веку ў век святкавалі святы ў нашым краі, любіць родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.

Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.

Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, вытокаў народнай мудрасці. Сёння сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуццё грамадскасці, любоў да Радзімы.

Дапамажыце нашым дзецям авалодаць беларускай мовай, і вы дапаможаце абудзіць у іх веру ў тое, што яны вырастуць потрэбнымі на зямлі людзьмі!

Мэта: вывучэнне і папулярызацыя  беларускай мовы

Задачы:

-    фарміраванне і абагульненне ў навучэнцаў ведаў па беларускай мове і літаратуры;

-    удасканаленне навыкаў групавой работы;

-    прывіццё любові і павагі да роднай мовы;

 Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, камп'ютар з доступам у Інтэрнэт, запіс на дошцы, канверты з заданнямі, папера

 Форма правядзення: гульня

  

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА

 

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як вада, як раса, як зара.

.   

 (Пімен Панчанка)

 

Ціха гучыць музыка Песняры “Купалінка”. На фоне музыкі выкладчык чытае верш  І. Пракаповіча.

 

Пагавары са мной на мове,

На нашай роднай, не чужой.

Адчуеш ты – у кожным слове

Душа яднаецца з душой.

І сэрца сэрцу адкрывае

Свае духоўныя сады –

Там салаўіны хор спявае,

Там смак крынічнае вады.

Там рэха продкаў прамаўляе

Малітвы светлыя здалёк,

Нібыта нас благаслаўляе

На добры шлях, на лёгкі крок.

У словах тых – надзеі нашы

І нашы мары пра жыццё.

Калі мы з мовай –

Нас не страшыць

Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.

Пагавары са мной на мове,

Забудзь на час пра “языкі”.

Няхай гучаць у кожным слове

І продкі нашы, і вякі!

  

Выкладчык:

- 21 лютага – адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У межах тыдня беларускай мовы і літаратуры адзначым гэта свята і мы.  Дзень роднай мовы адзначаецца ў свеце з 2000 года з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце. Чаму менавіта гэта дата была абрана?  Таму, што ў гэты дзень у 1959 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Сёння ў свеце больш за 6 тысяч моў, палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля захавання тых моў, што знікаюць, ЮНЕСКА і аб’явіла дзень роднай мовы.

Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яно – люстэрка культуры і форма яе існавання, духоўнае аблічча і сутнасць чалавека.

На беларускай мове выдадзены і кожны год друкуюцца навуковыя і мастацкія творы, напісаныя айчыннымі і замежнымі аўтарамі, выдаюцца часопісы, газеты, шматлікія слоўнікі, даведнікі і інш.

У 1956 годзе Якуб Колас пісаў: “Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ужо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача нас, інтэлігенцыі рэспублікі – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах”.

-         Ці актуальныя гэтыя словы сёння? (адказы навучэнцаў)

Выкладчык:  Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы, бо так сёння патрабуе час. Трэба ведаць беларускія песні, танцы і мастацтва іншых народаў. Безумоўна, найперш неабходна ведаць сваё, роднае. А як нам вывучыць беларускую мову? Трэба гаварыць з тымі, хто яе ведае. Трэба глядзець тэлеперадачы, слухаць радыёперадачы, чытаць кнігі на беларускай мове.

-         Давайце звернемся да эпіграфа нашага мерапрыемства (Зачытвае выкладчык або нехта з навучэнцаў).

Выкладчык: Гэтыя прыгожыя, звонкія радкі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча прысвечаны нашай роднай мове, мове нашых бацькоў і дзядоў, мове, гісторыя якой няпростая і цікавая. Я спадзяюся, што сённяшняе  мерапрыемства будзе садзейнічаць абагульненню ведаў, набытых вамі пад час урокаў беларускай мовы і літаратуры, дапаможа раскрыць творчы патэнцыял кожнага з вас і будзе садзейнічаць выхаванню цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.

А каб гэта было яшчэ весела і цікава, правядзем мерапрыемства ў форме гульні пад назвай “Ведай роднае слова!”. Гуляць будзем па групах. Ацэньваць конкурсную праграму будзе кампетэнтнае журы.

 

1 конкурс “ Пазнай фразеалагізм!”

Выкладчык: Унікальнасць і непаўторнасць беларускай мовы складаюць не толькі асобныя словы, але і фразеалагізмы – устойлівыя спалучэнні слоў з пэўным значэннем.

Фразеалагічнае багацце беларускай мовы назапашвалася стагоддзямі. Асноўная крыніца беларускай фразеалогіі – жывая народная мова. Таму ў беларусаў найбольш размоўных фразеалагізмаў.

На экране будуць з’яўляцца адзін за другім фразеалагізмы. Вам неабходна растлумачыць іх. За кожны правільны адказ – 1 бал.

 

вады ў рот набраць – маўчаць

таўчыся пад нагамі – перашкаджаць

ні свет ні зара – рана

даць дзёру – хутка ўцякаць

дрыжаць як асінавы ліст – баяцца,

збіцца з панталыку – гаварыць абы-што

кату па пяту – нізкарослы

апусціць рукі – здацца

цягнуць ката за хвост – занадта доўга рабіць

часаць язык - балбатаць

 

2 конкурс “Адгадай загадку”

Выкладчык: Яшчэ задоўга да таго, калі мастацкае слова было зафіксавана ў помніках пісьменнасці, народ выяўляў свой настрой і думы ў песнях, казках, загадках, легендах і паданнях. У іх адлюстроўваліся ўсе найважнейшыя асаблівасці народнага жыцця.

Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое звычайна даецца ў форме пытання.

Зараз Вам неабходна будзе адгадаць загадкі па чарзе. За кожны правільны адказ – 1 бал, калі каманда не ведае, то права адказу передаецца другой групе.

 

1) Кожны дзень са зброяй гэтай

Я палюю на катлеты.

З першай спробы ў іх пацэліць

Вастразубы мой... (Відэлец)

 

2) Каляровыя браткі

Носяць з дрэва кажушкі.

Мы завострым ім галоўкі,

Каб маглі пісаць... (Алоўкі)

 

3) У бацькоў і дзетак усё адзенне з манетак. (Рыба)

4) Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)

 

5) Па лясах блукае статак

Волатаў і немаўлятак.

Гэта пушчы спадары –

Белавежскія…  . (Зубры)

 

6) Кішэні не мае, а сонца хавае.

Страху не мае, а ад ветру ўцякае.

Вачэй не мае, а слёзы пралівае. ( Воблака)

 

7) Круглыя, як мячыкі,

Быццам адуванчыкі,

На двары ля хаты

Ходзяць…  . (Кураняты)

 

8) Праз палі, масты, лясы

Ляцяць словы-галасы.

Дзякуючы правадам

Кажуць тут, а чуюць там. ( Тэлефон)

 

3 конкурс “Аматары прыгожага маўлення”

Выкладчык: Народна-гутарковая мова беларусаў насычана незлічоным багаццем прыказак і прымавак з глыбокім зместам і вострай сілай думкі. У іх адлюстраваны дасціпны розум чалавека, яго побыт, сямейнае жыццё, светапогляд.

У мяне ёсць 2 канверты, аднак лістоў у іх няма. У канвертах знаходзяцца вядомыя беларускія прыказкі. Праўда, нехта пажартаваў і разрэзаў прыказкі напалам, а пасля яшчэ і ўсё пераблытаў. Але я думаю, для нас гэта не праблема. Групам неабходна за 3 хвіліны ўзнавіць як мага больш беларускіх прыказак. А іх тут схавана па 5 у кожным канверце. За кожны правільны адказ – 1 бал.

 

1.Са свайго языка спусціш –/ на чужым не зловіш.

2.Слухай многа, /а гавары мала.

3.У добрую часіну сказаць,/ а ў ліхую прамаўчаць.

4.Адною рукою/ і вузла не завяжаш.

5.Дзе розумам не дайду, /дык у кніжцы знайду.

6.Новых сяброў нажывай, /але старых не забывай.

7.Ладзь калёсы зімой, /а сані летам.

8.Лепей мець вераб’я ў руцэ,/ чым арла на суку.

9.Не раскусіўшы арэх, /зерня не з’ясі.

10.Госць на парог – /гаспадыня за пірог.

 

4 конкурс “Канструяванне слоў”

Выкладчык: Сёння ХХІ стагоддзе – эпоха развіцця новых прадметаў, працэсаў. І, канешне, са з’яўленнем новых прадметаў узнікае неабходнасць утварэння новых слоў. Але зараз мы не будзем утвараць новыя словы, а будзем канструяваць ужо вядомыя. Вам неабходна з аднаго слова прыдумаць і напісаць як мага больш слоў, у склад якіх павінны ўваходзіць толькі тыя літары, якія ёсць у зыходным слове.  Напрыклад: машына (наш, Маша, шына, мыш і г.д.).

 

Слова : МОВАЗНАЎСТВА

1 слова – 1 бал.

 

5 конкурс “Этнаграфічная хвілінка”

Выкладчык: Валоданне роднай мовы з’яўляецца высокім паказчыкам культурнага развіцця чалавека. Але неабходна ведаць яшчэ і гісторыю народа, яго традыцыі і звычаі.

Перад вамі элементы мужчынскага і жаночага адзення беларусаў (Малюнак 1), а таксама прадметы побыту (Малюнак 2). Неабходна даць назву кожнаму прадмету на малюнках.

За кожны правільны адказ – 1 бал. У якасці падказкі ёсць словы для даведак: Хустка, прас, андарак, самападка, панёва, кашуля, гладыш, лапці, скрыня, камізэлька,жорны, магерка

 Група прадметаў 1

 

 Малюнак 1

 

Група прадметаў 2

Малюнак 2    

                                          

7 конкурс “Святы і абрады”

Выкладчык: Большасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання, якія цесна перапляталі ў сабе бытавыя, хрэсціянскія і язычніцкія рысы. 3 цягам часу абрады страцілі першапачатковае значэнне, роля рэлігійных элементаў у іх паступова змяншалася, яны пераходзілі ў разрад гульняў, святочных забаў і захоўваліся пераважна ў вёсцы.

У наступным конкурсе Вам неабходна вызначыць да якога свята або абраду адносіцца  фотаздымкі (Малюнак 3, Малюнак 4), калі яно святкуецца і што цікавае Вы ведаеце пра гэта свята. За кожны правільны адказ – 1 бал. Даданы бал надаецца за больш пашыраную інфармацыю.

Група 1

 

 Малюнак 3

Група 2

 

Малюнак 4

Выкладчык: Што такое такое куцця?  (Куцця — гэта густая каша, прыгатаваная з ячменю і запраўленая мёдам, якую абавязкова падавалі на стол)

Для чаго на Купалле шукалі папараць –кветку? (Атрымаўшы папараць-кветку, чалавек набудзе здольнасць бачыць тое, што іншым нябачна, стане мудрым.)

8 конкурс “Энцыклапедычныя  даведнікі”

Выкладчык: У лексічны склад беларускай мовы цесна ўвайшлі словы іншамоўнага паходжання, пра наяўнасць якіх мы амаль не задумваемся або не звяртаем увагі. У наступным заданні Вам неабходна падабраць да беларускіх слоў і выразаў іншамоўныя адпаведнікі. Злучыце стрэлкамі словы і выразы. За кожны правільны адказ – 1 бал. Правяраць правільнасць вашых адпаведнікаў будзе наша журы.

 

Апісанне свайго жыцця                                                                            гуманны

Чулы, чалавечны                                                                                  дэбаты

Вымаўленне                                                                                         зігзаг

Спрэчкі                                                                                            аўтабіяграфія                                                                                                           

Навука аб жывёлах                                                                                  заалогія

Ломаная лінія                                                                                         камплімент

Пахвала                                                                                                       дыкцыя

Перапынак                                                                                                  антракт

 

9 конкурс “Бліц-пытанне”

Выкладчык: Зараз я па чарзе буду зачытваць пытанні, а вам неабходна хутка даць адказ. Кожны правільны адказ – 1 бал.

1. Сталіца Рэспублікі Беларусь (Мінск)

2. Другі хлеб беларусаў  (Бульба)

3. Назавіце дзяржаўную мову Рэспублікі Беларусь ( Беларуская, руская)

4. Калі адзначаецца Дзень Незалежнасці Беларусі ( 3 ліпеня)

5. Найбольш вядомы прыродны запаведнік у нашай краіне

( Белавежская пушча)

6. Хто зрабіў славуты крыж па загадзе Ефрасінні Полацкай (Лазар Богша)

7. Множны лiк назоўнiка чалавек (Людзі)

8. Птушка – сімвал Беларусі (Бусел)

9. Назавіце імя першай беларускай асветніцы (Ефрасіння Полацкая)

10. Самае вялікае возера Беларусі           (Нарач)

11. Назва якога горада паходзіць ад ракі Палаты (Полацк)

12. Назавіце дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь       (Сцяг, герб)

13. На якой рацэ стаіць горад Гомель (Сож)

14. Колькі абласцей у складзе нашай рэспублік (Шэсць)       

 

Пасля падліку балаў, журы вызначае пераможцаў гульні.

Выкладчык: Сённяшняе мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз зразумець, што наша мова цудоўная і мілагучная. Мова — душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны і неацэнны скарб. I сёння гонар і абавязак усіх нас — шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту. Пакуль мы паважаем нашу мову - мы будзем існаваць як народ, як нацыя. Размаўляйце па-беларуску!